Каталіцкі Моладзевы Цэнтр - Смаргонь (SDB)

Воскресенье, 30.06.2024, 09:06

Приветствую Вас Гость | RSS | Главная | Малітвы ў розных патрэбах | Регистрация | Вход

  • Зваротная сувязь

  • Да Божага Провіду

         О вечны Божа, Ты глядзіш на нас вачыма свайго Провіду. Адары нас, калі на гэта ёсць воля Твая, святою ласкаю сваёю, каб мы былі паслухмяныя ўсім наказам Тваім у часе нашай зямной пілігрымкі і праз гэта дасягнулі нябесных дабротаў.
         Божа, Твой Провід не памыляецца ў сваіх наказах, пакорна просім Цябе, усё шкоднае ад нас аддалі, а ўсё карыснае нам дай.
         Усемагутны вечны Божа, Ты ў сваёй шчодрай дабрыні пераўзыходзіш заслугі і просьбы тых, хто Цябе просіць. Акажы нам сваю міласэрнасць, прабач нам усё тое, што мучыць нашае сумленне, і дай нам тое, што просьбаю выказаць не можам. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

     

    Аб любові да Бога

         Божа Сусвету, ад Цябе паходзіць усялякая дасканаласць. Укарані ў сэрцах нашых любоў да Твайго святога імені і дай нам ласку ўзрастаць у пабожнасці; умацуй у нас усё добрае і клапатліва беражы ўмацаванае Табою.
         Адары нас, Пане, пастаяннаю бояззю і любоўю да святога імені Твайго, бо Ты ніколі не адмаўляеш у апецы тым, каго ўмацоўваеш у сваёй любові.
         Божа, Ты для тых, хто Цябе любіць, падрыхтаваў нябачныя даброты, таму ўлі ў нашыя сэрцы гарачую любоў да Цябе, каб мы, мілуючы Цябе ва ўсім і больш за ўсё, атрымалі абяцаную спадчыну, якая пераўзыходзіць усялякія жаданні.
         Усемагутны вечны Божа, памнож у нас веру, надзею і любоў і дай нам палюбіць Твае запаведзі, каб мы маглі атрымаць абяцаную ўзнагароду і вечна праслаўляць Цябе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

     

    Адданне сябе Богу

         Мой Пане і мой Божа, вазьмі ўсё, што мяне ад Цябе аддаляе.
         Мой Пане і мой Божа, дай усё, што мяне да Цябе набліжае.
         Мой Пане і мой Божа, вазьмі мяне ў поўную ўласнасць сваю. Амэн.

    * * *

         Адвечнае Слова, Адзінародны Сыне Божы, навучы мяне сапраўднай велікадушнасці. Навучы мяне годна служыць Табе, даваць бескарысліваа, змагацца, не зважаючы на боль, працаваць аддана, дапамагаць, не чакаючы падзякі, з усведамленнем, што я выконваю Тваю святую волю. Амэн.

    * * *

         Вазьмі, Пане, усю маю свабоду, прымі маю памяць, розум і волю. Усё, што я маю і чым валодаю, Ты мне падараваў, а я аддаю і вяртаю Табе ўсё, каб Ты мною кіраваў паводле волі Тваёй. Дай мне толькі Тваю любоў і ласку, і буду я дастаткова багаты і нічога больш шукаць не буду. Амэн.

     

    Малітва да Духа Святога

         Уладару Нябесны, Суцяшальнік, Духу праўды! Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, скарбніца дабра і Даўца жыцця, прыйдзі і пасяліся ў нас і ачысці нас ад усяго благога, і асвяці душы нашыя. Амэн.

     

    Малітва да ўкрыжаванага Хрыста

         Збавіцель наш, Езу Хрыстэ! Бачу Цябе, прыбітага да крыжа дзеля Тваёй вялікай любові да роду людскога. Галаву маеш нахіленую, бо хочаш пачуць усе нашыя малітвы; сэрца маеш адкрытае, бо хочаш даць усім ласку Тваю; рукі маеш распасцёртыя, бо хочаш усіх нас да сябе прыгарнуць; ногі маеш прыбітыя цвікамі, бо хочаш быць заўсёды з грэшнікамі. Малю Цябе сёння, дзеля твае горкае смерці і пачэснага крыжа пачуй малітвы мае, пашлі мне ласку Тваю, прыгарні мяне да сябе і будзь са мною ў хвіліну смерці маёй. Амэн.

     

    Малітва да Найсвяцейшай Тройцы

         Найсвяцейшая Тройца, злітуйся над намі; Пане, ачысці грахі нашыя; Уладару, прабач правіны нашыя; Святы, наведай і аздараві слабасці нашыя дзеля Твайго iмя.

     

    Малітва за Касцёл

         Езу Хрыстэ, Касцёл святы – гэта Твая Божая справа. Учыні, каб паводле Тваёй волі быў ён адзіны, святы, паўсюдны і цалкам скіраваны да тае дасканаласці, да якой Ты яго паклікаў.
         Дай Касцёлу пастаянную жыццяздольнасць і заўсёды чуйную ўвагу да знакаў часу, каб ён умеў усё спазнаць і ўсё добрае захаваць у кожным часе і ва ўсіх абставінах.
         Учыні, каб сярод хрысціянаў любоў была галоўным прынцыпам, міласэрнасць – асабліваю рысаю, справядлівасць – хлебам штодзённым, мужнасць у справах – вернасцю, малітва – адпачынкам, радасць – узнагародаю.
         Просім Цябе, каб Тваё Валадарства праўды і жыцця, святла і ласкі, справядлівасці, любові і спакою пашыралася і ўмацоўвалася з кожным днём. Амэн.

     

    Малітва за Святога Айца

         Усемагутны Божа, Ты ўстанавіў Святога Айца бачнаю галавою святога Касцёла. Атуляй заўсёды наступніка святога Пятра сваёю ласкаю і благаславеннем. Адары яго ласкаю доўгага жыцця, добрага здароўя, суцеш у цярпеннях і ўчыні, каб яго апостальская праца прынесла як мага большы плён для ўсяго хрысціянства. Змілуйся, Божа, над ім праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых, а таксама дазволь, Ойча Нябесны, каб ён усіх нас давёў да жыцця вечнага. Амэн.
         Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

     

    Малітва за святароў

         Ойча Нябесны, Тваёй апецы давяраем нашых душпастыраў, якія падаюць нам хлеб слова Божага і Хлеб Эўхарыстычны. Дай ім сілу для працы і айцоўскае сэрца, каб мы праз іх паслугу маглі дайсці да збаўлення вечнага. Амэн.

     

    Малітва за памерлых святароў

         Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі апосталамі. Амэн.

     

    Малітва за парафію

         Пане Езу Хрыстэ, Добры Пастыр! Зірні ласкава з нябёсаў на нашу парафію, на гэты маленькі статак у Тваёй вялікай аўчарні святога Касцёла. Просім Цябе за нашу супольнасць, за старых і маладых, за добрых і злых, за здаровых і хворых. Беражы дзяцей нашай парафіі ад усялякай сапсаванасці і дапамажы ім вырасці на Тваю хвалу і ўцеху бацькам. Барані нашу моладзь ад грахоў, распалі ў ёй любоў да цнатлівасці, а лепшых сярод яе выберы сабе на службу ў святарскім і манаскім стане. Благаславі бацькоў, каб сваім словам і прыкладам належна выхоўвалі моладзь. Умацуй хворых, прасвятлі тых, хто ў сумненнях і роспачы, запалі сэрцы абыякавых, навярні грэшнікаў і суцеш засмучаных. Беражы нашу парафію ад аблудаў і ерасяў, ад усялякіх цяжкіх грахоў, што выклікаюць Тваю справядлівую кару. Умацуй нас, каб мы верна трымаліся святых традыцый нашых продкаў і адзінага паўсюднага Каталіцкага Касцёла. Дай нашым парафіянам паразуменне і любоў да дасканаласці, благаславі тых, хто прыступае да Тваіх святых Сакрамэнтаў, і адары трывалым поспехам працу нашага душпастыра, каб мы ўсе пад ягонаю апекаю шчасліва ўвайшлі ў Тваё Валадарства. Амэн.

     

    Малітва міністранта

         Пане Езу Хрыстэ, Ты паклікаў мяне, каб я ішоў за Табою да Айца. Хачу ісці  з Табою; будзь святлом, якое мяне асвячае. Будзь сілаю, якая мяне напаўняе. Будзь маім Настаўнікам, якога я слухаю і за якім іду. Запішы свае словы ў сэрца маё. Навучы мяне наследаваць Цябе. Напоўні мяне Тваім жыццём, каб я праслаўляў Айца і служыў братам так, як Ты вучыў. Выбаў мяне ад граху. Дапамажы мне жыць згодна з Тваёю воляю. Удзялі мне свайго Духа і дазволь, каб Тваё абяцанне выканалася ўва мне. Хачу жыць ва ўдзячнасці Табе, з Табою і ў Табе – у любові Духа Святога дзеля хвалы Айца.
         Марыя, Маці Касцёла, будзь для мяне Маці на шляхах майго жыцця. Выпрасі мне, Маці цудоўнай любові, Духа любові, Духа мудрасці крыжа, які вядзе да змёртвыхпаўстання. Амэн.

     

    Малітва перад чытаннем Святога Пісання

         Духу Святы Божа, вось мы стаім перад Табою, як некалі Самуіл, і просім: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой». Дай нам ласку глыбокага разумення Твайго слова, каб мы маглі зразумець і захаваць яго на ўсё сваё жыццё. Амэн.

     

    Малітва пасля чытання Святога Пісання

         Духу Святы Божа, гэтак, як апосталы, мы хочам спаўняць слова, а не толькі слухаць яго. Дай нам моцы Тваёй, каб, спаўняючы пачутае слова, мы ўзрасталі ў дабрыні дзеля збаўлення душаў нашых і нашых бліжніх. Амэн.

     

    Малітва за Айчыну
    (паводле кс. Пятра Скаргі)

         Божа, Валадару і Пане народаў, з рук сваіх і волі сваёй не выпускай нас, а праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны і Каралевы нашай благаславі Айчыну нашу, каб яна была заўсёды верная Табе і хвалу прыносіла Твайму святому імені, а сыноў і дачок сваіх вяла да вечнага шчасця.
         Усемагутны вечны Божа, адары нас глыбокаю і шчыраю любоўю да братоў, сясцёр і наймілейшай маці-Айчыны нашай, каб мы ёй і люду Твайму, забыўшыся пра ўласную карысць, годна служыць маглі.
         Спашлі Духа Святога на слугаў Тваіх, якія кіруюць нашай краінай, каб яны згодна з Тваёю воляю маглі мудра і справядліва кіраваць давераным ім людам. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

     

    Малітва на заканчэнне старога года

         Божа, Ты праз пастаянную змену дзён, начэй, месяцаў і гадоў паказваеш нам, як мінае час. Дай нам, просім, так умела выкарыстоўваць час на малітву, працу і адпачынак, каб мы маглі пасля цяжкасцяў зямнога жыцця атрымаць вечны адпачынак у небе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

     

    Малітва за Айчыну
    (чытаецца на заканчэнне года)

         Усемагутны Божа, узносім да Цябе малітвы за нашу Айчыну і народ і дзякуем Табе за незлічоныя дабрадзейнасці, якімі Ты меў ласку з любоўю адарыць нас. Асабліва дзякуем за тое, што Ты паклікаў нас да святой каталіцкай веры і дазволіў нам шмат вытрываць дзеля яе, што даў нам паўсюдную і асаблівую любоў да нашай Каралевы і Тваёй Найсвяцейшай Маці, а таксама ўпэўненасць, што і Яна, як Маці, нас любіць. Дзякуем за ўсе выпрабаванні, праз якія нас наведваў і наведваеш: праслаўляем праз іх не толькі найсвяцейшую волю Тваю, але таксама любоў і дабрыню, якая ўсюды так бачна шукае карысці для нас і для іншых.
         Просім Цябе, спрадвечны Ойча, каб мы пастаянна ўзрасталі ў веры і вернасці і заўсёды выконвалі з нязменнай ахвотай Тваю волю. Учыні, каб заўсёды трываў у нас каталіцкі дух і сыноўняя адданасць да ўстаноўленай Табою Апостальскай Сталіцы; навучы нас пакорна прызнавацца ў сваіх правінах і шчыра за іх пакутаваць; дай нам братнюю згоду, пакору і пачуццё справядлівасці; запалі ў нашых сэрцах сапраўдную любоў да ўсіх, з кім нас альбо адна кроў яднае, альбо звязваюць жыццёвыя абставіны, альбо ўчыненыя нам крыўды і несправядлівасці раздзяляюць нас на варожыя лагеры.
         Дай нам, о Божа, такую святасць, якая не ведае помсты і ўзносіцца па-над самалюбства асабістае і нацыянальнае. Не дазволь нам праз легкадумнасць альбо праз маладушнасць сысці з дарогі высакародных прынцыпаў альбо грашыць лянотаю, адсутнасцю пастаянства, не дазволь забаўляцца ўяўленнямі праўды і выдумкамі. Знішчы ў нашых сэрцах замілаванне да дарэмнай хвалы і прагу часовых задавальненняў, каб мы няспынна і поўным крокам імкнуліся да хвалы ў небе, бо толькі яна адна – сапраўдная хвала і сапраўднае шчасце.
         О Пане, абудзі ў нашых сэрцах апостальскую адданасць, каб мы ні на каго не аказвалі дрэннага ўплыву, а імкнуліся дапамагаць усім у справе збаўлення, каб праз ўчынкі, малітву і любоў памнажалі Тваю хвалу. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

     

    Малітва на парозе новага года

         Пане Езу, Ты вучыў нас усё пачынаць у імя Тваё. Таму ў імя Тваё мы распачынаем новы год. Праслаўляем Цябе, Езу, Валадар вякоў, і дзякуем Табе за падараваны час. Няхай імя Тваё ўшаноўваецца на ўсёй зямлі, няхай прыйдзе Валадарства Тваё.
         Дапамажы нам у гэтым годзе ўсё лепш распазнаваць, прымаць і выконваць Тваю святую волю. Шчодраю рукою май ласку адорваць кожнае стварэнне, няхай кожны мае штодзённы хлеб. Навучы нас любіць братоў і жыць у згодзе з бліжнімі. Адары ўсіх нас спакоем. Май ласку дараваць нам грахі і вызвалі нас ад усялякага няшчасця, якое можа нам пагражаць.
         Панна Марыя, урачыстасць Мацярынства якой мы сёння ўспамінаем, атулі жыццё наша сваёю Матчынаю апекаю. Амэн.

     

    Малітва св. Францішка аб духу любові

    Учыні мяне, Пане, прыладаю Твайго спакою,
    каб нёс любоў туды, дзе пануе нянавісць,
    каб прабачаў там, дзе абражаюць,
    каб яднаў там, дзе сварка і звада,
    каб праўду казаў там, дзе ёсць фальш,
    каб нёс веру туды, дзе ёсць сумненне,
    каб абуджаў надзею там, дзе пануе роспач,
    каб распаліў святло там, дзе валадарыць цемра,
    каб нёс радасць туды, дзе турбуе неспакой.
    Учыні, каб не шукаў я суцяшэння, а суцяшаў іншых,
    каб не толькі прагнуў разумення, але каб разумеў іншых,
    каб не шукаў уласнай любові, а любіў іншых.
    Бо той, хто дае, заўсёды атрымлівае,
    хто не шукае свайго, той знаходзіць,
    хто прабачае, таму будзе прабачана,
    бо, паміраючы, мы нараджаемся для жыцця вечнага.

     

    Малітва аб пазбаўленні ад дрэнных думак

         Усемагутны і міласэрны Божа, выслухай нашыя просьбы і вызвалі нашыя душы ад спакусаў дрэнных думак, каб мы маглі быць годным памяшканнем Духа Святога. Пане, узносім да Цябе малітвы, каб Ты вызваліў нашыя душы ад нячыстых і нядобрых думак.
         Божа, Ты асвячаеш кожнага чалавека, які прыходзіць на гэты свет, асвяці нашыя сэрцы святлом сваёй ласкі, каб мы заўсёды мелі думкі, годныя велічы Тваёй, а таксама шчыра Цябе любілі. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

     

    Малітва ў цярпенні

         Усемагутны вечны Божа, суцяшэнне засмучаных і сіла церпячых, пачуй просьбы тых, хто ў кожным цярпенні да Цябе звяртаецца, каб усе яны маглі радавацца, што ў сваіх патрэбах спазналі Тваю міласэрнасць.
         Просім Цябе, Пане, выслухай ласкава малітвы свайго люду і, хоць заслужана мы церпім за нашыя грахі, выбаў нас праз сваю міласэрнасць дзеля хвалы імя Твайго.
         Божа, Ты знішчыў пыху адвечнага ворага, шатана, праз цярплівасць свайго Адзінароднага Сына, дай нам, просім, з пашанаю разважаць цярпенні Хрыста, якія Ён з любові да нас вынес, і дапамажы нам так, як Ён, у спакоі духа вытрываць усе цяжкасці.
         Ойча, калі Ты хочаш, то аддалі ад мяне гэты келіх, аднак не мая, але Твая воля няхай станецца. Амэн.

     

    Малітва самотнага чалавека

         Пане мой і Божа, так склалася, што жыву я ў адзіноце. Часам цешыць мяне мая свабода, але часта прыгнятае мяне мая самота і сам у сябе пытаю: якая карысць з такога жыцця?
         Дай мне зразумець, што мая самота – гэта не пакінутасць, што я вольны для таго, каб дапамагаць людзям, што я адзін, каб жыць для многіх, што мая любоў патрэбная іншым. Натхні мяне надзеяй, каб маё жыццё стала служэннем. Амэн.

     

    Малітва аб пакоры

         Божа, Ты ганарлівых не прымаеш, а пакорным даеш ласку. Удзялі нам цноту сапраўднай пакоры, прыклад якой даў нам Твой Сын Адзінародны, каб мы пыхаю не выклікалі Твайго гневу, але праз пакору атрымалі дары Тваёй ласкі.
         Просім Цябе, Пане, дазволь нам вымаліць ласку сапраўднай пакоры, каб мы, выкінуўшы з сэрцаў нашых нястрыманасць цела і вачэй, а таксама пыху гэтага свету, жылі разважна, справядліва і пабожна і дасягнулі вечнай узнагароды ў небе.
         Пане, няхай Твая ласка ачысціць нас ад бруду нашых грахоў і праз пакору давядзе нас да Валадарства Нябеснага. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

     

    Малітва аб цвярозасці

         О добры Божа, дай нам дасканала зразумець, якою вялікаю дабрадзейнасцю з’яўляецца цвярозасць у вачах Тваіх. Няхай знікне ва ўсёй нашай Айчыне п’янства і запануе цвярозасць.
         Шчырым сэрцам просім аб дары цвярозасці для ўсіх тых, каго любім, асабліва для N. (імя), які знаходзіцца ў залежнасці ад алкаголю. А нас саміх, о добры Ойча, навучы асабліва паважаць цноту цвярозасці, іншых да яе заклікаць і вытрываць у заўсёднай еднасці з Езусам Хрыстом. Які жыве і валадарыць праз усе вякі вечныя. Амэн.
         Маці Божая, Валадарка і Заступніца наша, дапамажы нам.
         Святы Міхале Арханёле, барані нас.
         Святы Яне Хрысціцелю, Апякуне цвярозасці, маліся за нас.

     

    Малітва аб благаславенні для сям’і

         Божа добры і міласэрны, аддаем у Тваю апеку наш дом, сям’ю і ўсё, што маем. Благаслаўляй нас, беражы ад усяго злога, ахоўвай у небяспецы, захоўвай ад няшчасця, умацоўвай нашу веру. У смутку і цярпенні дай шчырую надзею. Учыні, каб мы заўсёды былі паяднаныя з Табою. Амэн.

     

    Малітва за бацькоў

         Пане Божа, Ты даў нам запаведзь, каб мы шанавалі бацьку і маці. Усім сэрцам люблю сваіх бацькоў. Ведаю, як я ім абавязаны, і таму прашу Цябе: май іх у Тваёй апецы, адары іх здароўем і вядзі па жыцці дарогаю Тваіх запаведзяў. Дай ім шчаслівую старасць, а калі прыйдзе час, прымі іх у сваё Валадарства. Амэн.

     

    Малітва за памерлых бацькоў

         Божа, Ойча Нябесны, аддаем Табе ў апеку нашых памерлых бацькоў. Ты ведаеш іх працу і цяжкасці жыцця. Праз муку і смерць Твайго Сына, у якога яны верылі, прабач ім усе грахі і прымі іх у сваё Валадарства. Дапамагай нам весці годнае жыццё, каб мы маглі сустрэцца з імі ў шчаслівай вечнасці. Амэн.

     

    Малітва бацькоў за дзяцей

         Пане Божа, Ты паклікаў нас стварыць сям’ю і пажадаў узбагаціць яе нашчадкамі. Даручаем Табе нашых дарагіх дзяцей. Аддаем іх Тваёй усемагутнай бацькоўскай апецы, каб яны пастаянна ўзрасталі ў Тваёй святой боязі, вялі праўдзівае хрысціянскае жыццё і прыносілі радасць не толькі нам, якія далі ім жыццё, але найперш Табе, свайму Стварыцелю. Амэн.

     

    Малітва бацькоў у інтэнцыі зачатага дзіцяці

         Марыя, Маці Добрай Рады, Цябе прашу аб дапамозе, каб зачатае дзіця стала радасцю нашага дома, народа і Касцёла. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

     

    Малітва маці ў благаславёным стане

         Умілаваны Нябесны Ойча, дзякую Табе, што даў мне ласку насіць пад сэрцам дзіця і даць яму жыццё. Ты даверыў мне таямніцу жыцця і за гэта я прагну праслаўляць Цябе.
         Дазволь мне дзякаваць Табе за гэты вялікі дар. Асвяці ахвяру маіх намаганняў, стань пры мне ў цяжкую хвіліну, дапамажы мужна вытрываць і нарадзіць здаровае дзіця. Разам з мужам мы давяраем яго Тваёй айцоўскай любові і прымем усё, што давядзецца нам выканаць і выцерпець.
         Дай мне, Божа, добрыя, чыстыя думкі, каб я жывіла зачатае дзіця не толькі сваёю крывёю, але таксама Тваёю ласкаю, любоўю і сапраўднаю радасцю.
         Не дазволь нам ніколі забыць, што гэтае дзіця было даверана нам Табою і павінна стаць дзіцем Божым. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

    * * *

         Маці Езуса, Ты – Маці таго, хто з’яўляецца жыццём. Ты – Маці жыцця. Бог у сваёй усемагутнасці ўчыніў так, што я таксама нашу ў сабе жыццё і павінна даць яго свету.
         Колькі таямніцы ў тым, што паўстае новае чалавечае жыццё, колькі трэба дапамогі Божай, каб гэтае жыццё развівалася бяспечна!
         Прашу Цябе, Маці, дапамажы, каб я штораз лепш разумела сваё пакліканне да мацярынства як годнасць і адказнасць і каб за гэта я была ўдзячная Богу.
         Сардэчна прашу, памятай пра мяне і пра ўсіх маці, якія чакаюць свайго часу, і ўпрасі нам шчодрую дапамогу неба.
         Божа, наш Ойча, адары маё дзіця самымі прыгожымі зямнымі і нябеснымі дарамі, каб тут, на зямлі, яно прыносіла Табе хвалу, а для нас было крыніцай радасці. Маці Найсвяцейшая, Ты сама спазнала радасць мацярынства, навучы мяне рабіць усё так, каб не ўчыніць крыўды свайму дзіцяці. Выпрасі мне цноту цярплівасці і мужнасці, каб дзеля майго дзіцяці я змагла вытрываць усе цяжкасці. Амэн.

     

    Малітва ў кожнай патрэбе

         Акажы нам, Пане, вялікую міласэрнасць сваю. Няхай яна вызваліць нас ад усіх грахоў нашых і заслоніць перад карамі, якіх мы заслугоўваем.
         Просім Цябе, Пане, няхай Твая ласка ачысціць нас і ўмацуе ў служэнні Табе.
         Учыні, Пане, просім Цябе, каб мы, вольныя ад зямных прывязаннасцяў, імкнуліся да поўнага ўдзелу ў таямніцы жыцця Божага, пачатак якому даў cвяты хрост. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

     

    Малітва вадзіцеля

         Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо калецтва для тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і адвядзі ад мяне спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды спадарожнічалі мне. Амэн.

     

    Благаславенне ў дарозе

         Няхай усемагутны і міласэрны Пан вядзе нас дарогаю спакою, а Яго Анёл няхай беражэ нас, каб мы ў спакоі і бяспецы змаглі дасягнуць мэты свайго падарожжа. Амэн.

     

    Малітва перад навукаю

         О добры Божа, прасвятлі нас Духам Тваім Святым, які дае розум і ўмацоўвае духоўныя сілы, каб мы ўважліва спасцігалі ўсе навукі і раслі Табе, Творцу нашаму, на славу, бацькам і настаўнікам нашым на радасць і ўцеху, Касцёлу і Бацькаўшчыне на дабро і славу. Амэн.

     

    Малітва перад працаю

         Пане і Божа мой, найлепшы Ойча! Ты паклікаў мяне, каб я сваёю працаю ўдасканальваў свет. Дзякую Табе за даручэнні, магчымасці і здольнасці. Дапамажы мне кожны дзень служыць Табе добрасумленнаю працаю, зычлівасцю да супрацоўнікаў, разуменнем і добрым словам.
         Добрым настроем і прыкладам я хацеў бы ўлагодзіць сваркі, непаразуменні і падазронасць. Дапамажы мне такім чынам паспрыяць дабру маіх бліжніх і ўдасканаленню свету. Амэн.

    * * *

         Пане Божа, асвячай нашыя ўчынкі сваім натхненнем і падтрымлівай сваёю дапамогаю, каб мы кожную малітву і працу з Табою пачыналі і з Табою заканчвалі. Амэн.

     

    Малітва аб дажджы

         Божа Ойча, Стварыцель неба і зямлі, які аддзяліў воды ад водаў, і воды ад сушы, спашлі нам дождж, каб зямля, Табою створаная, прынесла багаты плён, патрэбны для жыцця людзей, якія з’яўляюцца Тваімі дзецьмі.
         Удзялі, Пане, нашым душам шчодрай расы2 Тваёй ласкі, каб мы, узбагачаныя ёю, ахвотна Табе, Ойча, служылі і добрымі ўчынкамі заслужылі тое, аб чым просім. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

     

    Малітва аб добрым надвор’і

         Божа, які ў сваіх святых Кнігах сказаў, што «ў радасным абліччы караля – жыццё», пакажы нам і зямлі, якую Ты стварыў, сваё радаснае Аблічча і спашлі нам добрае надвор’е.
         Сваім ласкавым і радасным Абліччам асвяці, Ойча, нашыя сэрцы, умацуй у нас бляск Тваёй ласкі, каб мы праз добрыя ўчынкі атрымалі тое, аб чым просім. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

     

    "Обновление в фотогалереи"

    "Обновление в видео галереи"

    надпись при наведении Мы в вконтакте!!!

    Міні-чат

    Каляндар

    «  Июнь 2024  »
    ПнВтСрЧтПтСбВс
         12
    3456789
    10111213141516
    17181920212223
    24252627282930

    Форма ўваходу

    надпись при наведении

    smorgon-sdb.3dn.ru просто

    нажмите на картинку и сайт

    откроеться:)



    Нашa пытанне

    Оцените мой сайт
    Всего ответов: 42

    Статыстыка


    Онлайн всего: 1
    Гостей: 1
    Пользователей: 0

    Пошук